среда, 15 июня 2011 г.

СТАЛА ВЯДОМАЯ ПРАГРАМА DIY FILM FEST, альбо чаму 25-26 чэрвеня варта быць у Менску!


 Ужо ў трэці раз Менск і Гдыня апынаюцца пад увагай аматараў назалежнага кіно. Па словах арганізатараў, DIY Film Fest – гэта першая ў рэгіёне падзея, якая цалкам факусуецца  на контркультуры і ейным творчым уплыве на штодзённасьць. 

Сёлетні фэстываль складаецца з трох блёкаў. Па-першае, гэта конкурсны паказ «Spirit of DIY», у якім удзельнічаюць 15 поўна і кароткамэтражных фільмаў ад аўтараў зь Беларусі, Польшчы, ЗША і Нарвэгіі. Сярод тэмаў, якія ўздымаюць удзельнікі - польскія панк-коміксы, B-girls, беларускія фанзіны, похвы, рэінтэрпрэтацыя «Рэмба», а таксама шмат іншых цікавых рэчаў. Разнастайная і стылістыка твораў: ад дакумэнтальных фільмаў да анімацыі, шэдэўраў клясы В, трылераў і відэа арту.

Па-другое – гэта сакавітая падборка найлепшых фільмаў «Gadabout Travelling Film Festival», паказаная ў мінулым годзе на слынным хардкор-мерапрыемстве «Fluff fest» у Чэхіі.

Трэцюю частку складаюць спецыяльныя паказы: створаны вэтэранамі фінскай панковай сцэны «Juggling Jugulars» фільм пра ніх саміх - «Life sentence of punk», а таксама культава-неадназначны для панк-кінематографа фільм Лу Адлера «Ladies and Gentlemen the Fabulous Stains» і ягоны відэа-аналіз ад ня менш знакавай постаці - Сары Якабсан, у памяць аб якой і адбываецца конкурсны паказ. 

Усе фільмы паказваюцца на мове арыгіналу з беларускімі ці расейскімі субтытрамі. Падрабязную праграму з апісаньнямі фільмаў можна знайсьці на афіцыйным блогу фэстывалю ці спампаваць тут.

DIY Film Fest – гэта яшчэ і спроба гарызантальнай міжнароднай кааперацыі, якая не прызнае межаў, а таксама ўвасабленьне мары арганізатараў стварыць штосьці, што было б абсалютна бясплатным і заўсёды прапаноўвала 
нешта ў замен тым, хто ў гэта ўцягнуты. Арганізатары кажуць: «Мы хочам паказаць кінематограф, які не залежыць ад рэйтынгаў, патрабаваньняў прадусараў і прадказальных чаканьняў гледачоў». Сама падзея – гэта практыка DIY, пра якую і вядзецца гаворка.

У Гдыні кінапаказы адбудуцца адначасова з музычным фэстывалем DIY Punk Hardcore Fest vol.7 8-9 ліпеня, а ў Менску – у 25-26 чэрвеня ў моладзевым адукацыйным цэнтры «Фіяльта» (Мясьнікова, 35): з 5 да 10 вечара ў першы дзень, з 4 да 10 – у другі.

Нягледзячы на сьпёку, арганізатары абяцаюць гарачыя дыскусіі і ня менш гарачую вегетэрыянскую ежу. Акрамя таго, бонусам стане прэзэнтацыя кнігі – анталёгіі панк-кінематографу пад назвай «Destroy All Movies!!! The Complete Guide to Punks on Film».

Да сустрэчы ў кіно!

Кантакт: yesfuture@gmail.com

Комментариев нет:

Отправить комментарий